САЮ́З ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА, Садружнасць польскага народа (Stowarzyszenie Ludu Polskiego),
польская тайная вызв. арг-цыя ў 1835—37. Створаны ў Кракаве на аснове арг-цый карбанарыяў эмісарамі эмігранцкай арг-цыі «Маладая Польшча» (Ш.Канарскі, А. і Л. Залескія, С.Гашчынскі). Рыхтаваў паўстанне з мэтай аднаўлення Рэчы Паспалітай і правядзення прагрэс. сац.-эканам. рэформ (найперш скасаванне прыгону). Ідэалагічна быў блізкі да «Дэмакратычнага таварыства». Складаўся пераважна са шляхты і інтэлігенцыі. Тэрытарыяльна падзяляўся на 5 правінцый: Кракаўская рэспубліка (там знаходзіўся цэнтр. орган — Гал. абшчына), Галіцыя, Пазнаншчына, Царства Польскае, Літва (б. ВКЛ, уключала Беларусь). Унутры саюза былі 2 плыні: радыкальна-дэмакр. і ліберальная, якія адрозніваліся адносінамі да сял. пытання, часу паўстання і інш. На тэр. Беларусі ў С.п.н. дзейнічалі Канарскі, А.Ажэшка (гл. Ажэшкі) і інш. У 1837 частка дзеячаў Саюза заснавала Усеаг. канфедэрацыю польскага народа з радыкальнай паліт. праграмай. У выніку расколу ліберальнае кіраўніцтва прыняло рашэнне пра самароспуск арг-цыі.
т. 14, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)